СЕЙСМІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,

сукупнасць геафізічных метадаў разведкі, заснаваных на ўзбуджэнні і рэгістрацыі сейсмічных хваль з мэтай вывучэння будовы, рэчыўнага саставу і напружанага стану зямных нетраў. Найб. пашыраны метад адбітых хваль, які дазваляе карціраваць межы з дакладнасцю да 1—2% на глыб. да 7—10 км. З дапамогай метаду пераломленых хваль вывучаюць слаі з падвышанай скорасцю сейсмічных хваль. Карэляцыйны метад пераломленых хваль і глыбіннае сейсмічнае зандзіраванне ўжываюць пры рэгіянальных даследаваннях кантынентаў і акіянаў. Мадыфікацыю метаду адбітых хваль (падсумаванне карысных сігналаў, адбітых ад агульнага глыбіннага пункта) выкарыстоўваюць для пошукаў і разведкі карысных выкапняў. Адрозніваюць метады С.р. нізка- (менш за 10 Гц), сярэдне- (10—100 Гц) і высокачастотныя (больш за 100 Гц). Нізкачастотныя выкарыстоўваюць для даследаванняў на вял. глыбінях і адлегласцях, высокачастотныя — пры вывучэнні скальных рудных парод (рудная С.р.). Сейсмаакустычныя метады ўмоўна вылучаны ў асобную вобласць паводле дыяпазону частот (600—6 тыс. Гц); выкарыстоўваюць на невял. глыбінях у свідравінах (акустычны каратаж), шахтах і горных вырабатках, на марскім шэльфе і інш. С.р. ўжываюць пры разведачным свідраванні нафта- і газаносных структур, выяўленні структурных рудных палёў, буйных разломаў, пегматытавых цел і кварцавых жыл (п’езаэл. метад), высвятленні палажэння водаўпораў, узроўню грунтавых вод і інш. С.р. аб’ядноўваюць таксама з гравіметрычнымі, магн. і эл. метадамі геафізічнай разведкі.

В.​Я.​Клюц.

т. 14, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)